СТАРО́Е СЯЛО́,
вёска ў Лятчанскім с/с Віцебскага р-на, на аўтадарозе Віцебск—Полацк; чыг. ст. на лініі Віцебск—Полацк. Цэнтр камунальнага унітарнага с.-г. прадпрыемства. За 24 км на З ад Віцебска. 534 ж., 224 двары (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі археал. помнік Старое Сяло.
У пач. 16 ст. вядома як баярская ўласнасць, у Віцебскім ваяв. ВКЛ. У 1523 баярыня А.Мастычына і яе сын Ю.Сянкевіч прадалі С.С. віцебскаму ваяводу і каралеўскаму маршалку І.Б.Сапегу. З 18 ст. родавы маёнтак Лускінаў, у склад якога ўваходзілі таксама в. Плетніца і Запруддзе, у 1846 у С.С. вадзяны млын, крупадзёрка, кузня, карчма, штогод адбываліся кірмашы, з 1865 нар. вучылішча; з 1886 валасное праўленне, паштовая станцыя, школа. З 20.8.1924 вёска, цэнтр сельсавета Лосвідскага раёна, з 29.10.1924 у Кузняцоўскім раёне, з 26.3.1927 у Віцебскім раёне. У 1941—481 ж., 125 двароў. У Вял. Айч. вайну ў чэрв. 1944 гітлераўцы знішчылі 18 жыхароў і спалілі вёску. З 22.12.1960 у Лятчанскім с/с. У 1969 у С.С. 611 ж., 245 двароў.
В.В.Віталеёва.
т. 15, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)